• 28 лістапада 2014 Яўгенія Чаплінская

    Софія Белановіч. Манаграфія «Апісанне Маршалкоўскага школьнага раёна»

    У адзін цудоўны восеньскі дзень у нашу рэдакцыю прыйшоў ліст ад Яўгеніі Чаплінскай. Яна даслала аб'ёмную работу — манаграфію «Апісанне Маршалкоўскаго школьнага раёна». Зразумела, не было і гаворкі пра тое, каб апублікаваць гэты матэрыял цалкам (налічваў ён 57 старонак). І мы пачалі карпатлівую працу над «драбненнем» тэксту на больш кароткія, але пры гэтым ёмістыя і самастойныя часткі. Як вы ўжо зразумелі, на віртуальных старонках партала «Усе БелАрусы» яны будуць выходзіць паступова. А пачнем мы заканамерна з пралогу, у якім Яўгенія Чаплінская, якая зрабіла аўтарскі пераклад гэтага твора, распавядае пра тое, хто яго напісаў і пры якіх абставінах.


     

    Пралог

    Аўтар манаграфіі — мая маці Белановіч Софія Мікалаеўна (1897-1992), але ў распрацоўцы раздзелаў дапамагаў ёй муж, Белановіч Тамаш Осіпавіч, таксама настаўнік.

    Мне было тады дзевяць гадоў і помню, як вечарамі пры газавай настольнай лямпе працавалі яны да позняй ночы.

    Белановіч Софія Мікалаеўна, ураджэнка Галіцыі (Заходняя Украіна) прыехала сюды, на «Усходнія крэсы» тагачаснай Польшчы ў 1923 годзе па напраўленню  Міністэрства  асветы.

    У параўнанні з сітуацыяй у Галіцыі, якая доўга была у сладзе Аўстра-Венгрыі, жыццё сялян на Беларусі, якая да Першай сусветнай вайны была часткай Расійскай Імперыі, падалося ёй намнога больш адсталым і цёмным. Пасля беленькіх украінскіх мазанак, хаты нашы падаліся чорнымі. Не магла яна таксама ніяк пагадзіцца, што беларусы не маюць сваіх беларускіх школ, бо ў Галіцыі пад Аўстра-Венгрыяй украінцы мелі свае украінскія, а палякі — свае польскія школы.

    Маладая настаўніца з вялікім запалам і энергіяй пачала асветніцкую работу не толькі з дзецьмі, але і з моладдзю. Свядомая украінка да тутэйшага люду — беларусаў — заўсёды адносілася з павагай і нейкім шкадаваннем. Гаварыла, што землі нашы патрабуюць ад сялян намнога больш працы, чым на яе радзіме. Да прыкладу, там, каб палоць градку, не трэба гачкі — трава з карэньчыкам лёгка выдаляецца рукой.

    Памятаю, як мама правіла сшыткі начамі. Замест таго, каб паставіць патрэбную адзнаку «5», «4», «3» ці «2», трэба было акуратна поўным словам выводзіць: «Bardzo dobrze», «Dobrze», «Dostatecznie» ці «Niedostatecznie».

    Кожны дзень перад урокамі вучні ўставалі за партамі і хорам маліліся. У малітве прасілі Святога Духа прасвятліць розум і сэрца, каб узрастаць Богу на славу, бацькам на ўцеху, царкве і Радзіме на карысць. Затым спявалі «Kiedy ranne wstają zorze». Словы песні напаміналі аб абавязку чалавека дзякаваць Богу, за яго даброты, якімі адорвае  Ён  людзей.

    У малітве пасля ўрокаў складалі Богу падзяку за дар навукі. Прасілі благаславення настаўнікам і бацькам, якія вядуць да дабра, а сабе сілы і ахвоты для дальнейшага здабывання ведаў.

    Ёсць разумнае выслоўе: «Кінь за сабой, знойдзеш перад сабой». Адданая праца настаўніцы не прайшла бясследна. Прайшлі гады. Пры неспадзяванай сустрэчы дарослыя ўжо, быўшыя вучні з радасцю віталі сваю Софію Мікалаеўну. Цалавалі ёй рукі і гаварылі, што ўсё помняць і стараюцца так жыць, як яна калісь вучыла.

    У далёкі Данбас закінуў лёс быўшага вучня Маршалкоўскай школы Васіля Сікорскага. Не прапусціў шахцёр ніводнага водпуску, каб не прыехаць дамоў і не адведаць сваю першую настаўніцу. Слухаючы яго ўражанні ад побыту ў роднай вёсцы, я думала над высновай песні:

    Каб любіць Беларусь нашу мілую,

    Трэба ў розных краях пабываць.

    Зразумеў я цяпер чаму з выраю,

    Журавы на Палессе ляцяць.

    Якія ж дарагія тыя лясныя сцежкі, дзе ў дзяцінстве сабіраў грыбы, дзе знаёмы быў кожны пянёк. Цэлымі днямі прападаў ён там, каб надыхацца лясным водарам. Рабіў на памяць фатаграфіі.

    Аб глыбіні пачуццяў да радзімы гаворыць і такі эпізод. Адслужыўшы паложаныя свае два гады ў пустынях Казахстана, варочаўся юнак дамоў. На прыпынку выходзіць з аўтобуса, і пасажыры бачаць, як ён прыпаў да першай бярозкі і абняў яе, а плечы ўздрыгваюць...

     А як цяжка было жыць на чужбіне, тым многім, каторым суджана было ніколі ўжо дамоў не вярнуцца...

    Выдатна валодала мая маці украінскай, польскай, нямецкай і чэшскай мовамі. Рускую і беларускую вывучыла пераехаўшы на Беларусь ў 1923 г.       

    Чэскай мове прысвяціла старонку ў сваіх мемуарах:

    «Маленькае паняцце аб гучанні чэскай мовы. Чэская мова падобная на польскую. Асаблівасці яе ў тым, што націск пераважна падае на першы склад слова. Знаючы польскую мову мне лёгка далося асвоіць чэскую за адзін 1916/1917 школьны год, калі вучылася на трэцім курсе Настаўніцкай семінарыі ў горадзе Прага на Чэхах».

    Апублікавана ў Культура, мастацтва

    Падзяліцца Апублікаваць
Каментары:
  • Вашае імя:
  • Загаловак:
  • Тэкст паведамлення:
  • Падпішыся на навіны УсеБеларусы:

    Скасаваць падпіску

    Падпісацца

Самае папулярнае

© 2011 УсеБеларусы — створаны для нас і пра нас

Iдэя i распрацоўка SATIO\БРЭНД ГОДА

Капіяванне матэрыялаў толькi з пісьмовага дазволу

УНП 190438641

Разработка сайта —