• 27 верасня 2014 Жанна Гурына

    Дыялекты — падарунак мiнулага

    1

    Сучасная беларуская літаратурная мова прайшла некалькі этапаў свайго развіцця і мае вялікую гісторыю.  Галоўную ролю ў фарміраванні беларускай мовы адыгралі мясцовыя гаворкі (паўночна-ўсходні, паўднёва-заходні і сярэднебеларускі пераходны дыялекты). 


     

    Як самастойная мова яна сфарміравалася ў перыяд, калі нашы землі знаходзіліся ў складзе Вялікага Княства Літоўскага. Менавіта тады на працягу ХІV— ХVІ стст. старабеларуская мова выкарыстоўвалася ў якасці дзяржаўнай, на ёй пісаліся ўсе афіцыйна-справавыя дакументы, ствараліся летапісы, мастацкія, публіцыстычныя творы, вучэбная, юрыдычная літаратура.

    Галоўная роля ў станаўленні беларускай мовы аддаецца дыялектам. Дыялекты — гэта мова народа, якая выступае ў выглядзе мясцовых гаворак. На сёння вылучаюць тры групы беларускіх гаворак: паўночна-ўсходнюю, паўднёва-заходнюю і сярэднебеларускую пераходную, — кожная з якіх мае свае адметнасці вымаўлення і правапісу.

    Паўночна-ўсходні дыялект характарызуецца:

    - дысімілятыўным аканнем (дарэчы, адна з адметнасцей беларускай мовы) — пераход гукаў [а]/[я] у любы іншы гук, акрамя [а]: вада — выда, нага — ныга, зямля — зімля;

    - наяўнасцю гукаў [р] і [р’]: рака, ріба, треба, бярёза;

    - наяўнасцю канчаткаў -аць, -эць (-ець) у дзеясловах 3-ай асобы адзіночнага ліку Iспражэння: бярэць, ідзець, рэжаць;

    - прыпадабненнем зычных у спалучэнні дн (халонна, голанна);

    - наяўнасцю форм ядзём, дадзём у 1-ай асобе множнага ліку;

    - канчаткамі прыметнікаў мужчынскага роду -ый/-ій (добрый, свежый, летній) не пад націскам і  -эй/-ей (старэй, плахей) пад націскам.

    Да группы паўночна-ўсходніх гаварак адносяцца Віцебская вобласць, паўночны ўсход і цэнтральная частка Магілёўскай вобласці.

    Паўднёва-заходні дыялект і палескія гаворкі характарызуюцца:

    - недысімілятыўным аканнем (галосныя [о], [э] вымаўляюцца як гук [а] незалежна ад таго, які гук знаходзіцца пад націскам): вада, нага, зямля;

    - заўсёдыцвёрдым гукам [р]: рака, рыба, трэба, бяроза;

    - наяўнасцю дыфтонгаў (спалучэнне складовага і нескладовага галосных у межах аднага склада) [уо], [іе]: муост, ліест, ліета, сніег;

    - наяўнасцю канчатка -му ў дзеясловах будучага часу: пісацьму, чытацьму, рабіцьму, насіцьму;

    - наяўнасцю постфікса -са ў зваротных дзеясловах: памыласа, апранаемса, збіраемса, абуесса;

    - прыстаўным [г]перад пачатковымі -а, -у, -о (гавечка, гостры, гуліца, гараць);

    - адсутнасцю дзекання, цекання (дед, тётка).

     Да группы паўднёва-заходніх гаворак належаць Гродзенская вобласць, поўдзень Мінскай вобласці і Гомельскай вобласці.

    Сярэднебеларускі дыялект

    Гэта пераходная зона, якая мае рысы як паўночна-ўсходняга, паўднёва-заходняга дыялектаў, так і свае адметныя. Напрыклад, вымаўленне [о] на месцы [а] перад ў: проўда, казоў, зоўсёды.

    Менавіта сярэднебеларускія гаворкі і складаюць аснову сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Да сярэднебеларускіх гаворак адносяцца: паласа праз поўнач Гродзенскай, цэнтр Мінскай, паўднёвы захад Магілёўскай і паўночны ўсход Гомельскай абласцей.

    Так як мяне заўсёды цікавіла тэма мясцовых гаворак, я вырашыла прыслухацца, як гавораць мае аднавяскоўцы (сама я з Іўеўскага краю, што на Гродзеншчыне), даведацца, як размаўляюць у кожнай з нашых абласцей, а затым скласці невялічкі слоўнік таго, што пачула, даведалася, убачыла. І вось, што ў мяне атрымалася.

    Вырашыла пачаць з таго, што мне бліжэй (лічу, гэта натуральным) і пачала з Гродзенскай вобласці. Дарэчы, трэба сказаць, што Гродзеншчына — гэта нешта дзіўнае ў моўным плане: тут можна назіраць сінтэз не дзвюх, а трох моў: беларуская, руская і польская — напэўна, гісторыя наклала сваю адмеціну — і складана сказаць, якая з гэтых моў пераважае. Жыхары гэтай вобласці так прыстасаваліся да сваёй гаворкі, што і самі не ведаюць, якое слова, калі і адкуль з’явілася ў іх маўленні. Таму адразу прапаную вам праглядзець слоўнік Гродзенскай вобласці.

    Адымачка — кухонная ануча, з дапамогай якой здымаюць з пліты патэльню, саган і г.д.

    Аглядацца/абыходзіцца/абходка  — напр., рабіць абходку ­— гэта значыць накарміць усю хатнюю скаціну.

    Гойсаць — бегаць.

    Посцілка/адбіранка —  покрыва, якое ткаліна ручным станку.

    Пташка — птушка.

    Слухайки — навушнікі.

    Паземкі — суніцы (лясныя).

    Дзяркач — мятла.

    Услончык — маленькая лаўка.

    Портки — штаны.

    Начоўкі — жалезная ванна.

    Ванзэлак — вузел.

    Пястушка — ад слова«песціць», дзяўчыка, якая любіць песціцца.

    Нажэнкі — нажніцы.

    Пенькнавыглядаешь — прыгожа выглядаеш.

    Пульсэчка — пальчаткі без пальцаў.

    Сярдэшнік — стрыжаньу ручцы.

    Паеўшы, паспаўшы, зрабіўшы — паеў, паспаў, зрабіў.

    Чапяльнік — драўляная дзяржальня, каб здымаць патэльню.

    Гаргара — вялікі.

    Аддзюжыў — доўга прабыў.

    Выган — месца каля вёскі, выпас для скаціны, там жа збіраюць статак пасля зімы.

    Асаблівую цікавасць прадстаўляюць сабой гаворкі Брэсцкай вобласці. Па праўдзе кажучы, на Брэшчыне не была ні разу, але маю шмат знаёмых з самых розных куточкай гэтай вобласці. Слухала, як яны размаўляюць — і вось, што даведалася.

    Дзяруга — посцілка.

    Саган (казан) — чыгун.

    Сахор — вілы.

    АбтОркаць — абставіць, абгарадзіцьшто-небудзьгалінкамі, утыкаючы іх у зямлю.

    АпОня — 1. чалавек,які носіцьшырокае, не даставанае да стану адзенне.

                      2. шырокае, не даставанае да стану адзенне.

    Вылюднець — вельмі прыкметна змяніцца знешне іўнутрана на лепшае, пра таго, хто быўраней слабы ікволы.

    Вычаўпляць — выдумляць, вырабляць штучкі, штукарыць.

    ГрыбОвік — грыбнік.

    Грахаводнік — грэшнік.

    ЗагАта — тое, што без патрэбызаймаемесца.

    Закасаваць — закрэсліць.

    Баранець — дурнець, траціцьздольнасць нармальна гаварыць, дзейнічаць.

    Вопсаддзю — раз’юшана, рашуча, энергічнакінуцца на каго-небудзь.

    Дзяўзно — рослая здаровая дзяўчына.

    Каркадзедак — падлетак, што не расце; ліліпут.

    Кігікалка — кнігаўка.

    Далей — Гомельская вобласць. Крыху нечым мне нагадвае Віцебскую і часткова Брэсцкую гаворкі. Магчыма, таму што гаворкі Гомельскай вобласці ўваходзяць у склад сярэднебеларускіх пераходных гаворак.

    ВыцягАнец — вымагальнік, ашуканец.

    Вотчыч — пчаляр, бортнік.

    Днаваць — дняваць.

    Журлівы — чалавек, які часта журыцца, бядуе.

    Вонь — вунь.

    Крывотніца — зайздросная, здольнаязрабіцькамусьці шкоду.

    Лізікі — ласункі.

    Ліхоцце — злосны, ліхічалавек.

    Мазепа — размазня.

    Пахарашыць — ачысціць буракі/моркву ад зямли, бацвіння.

    Рыпалка — дрэнны гармонік, альбоняўмелыгарманіст.

    Стоўб — слуп.

    Сцубчэць — стацьцвёрдым.

    ТруднавАць — вельмімучыццапрыцяжкойхваробе,як правіла,перадсмерцю.

    Увабраць— убраць; напр., збожжа з поля.

    ХухАч — птушка пугач.

    Шашоліць — есці (пра дзяцей).

    Дыялект  Магілёўскай вобласці, я бы сказала, дастаткова інтрыгуючы: шмат слоў, якія разумееш адразу на інтуітыўным узроўні, але ёсць і такія, на разуменне якіх патрэбен час, і то не заўсёды можна абыйсціся без слоўніка (у маім выпадку гэта быў дыялектны слоўнік Ф. Янкоўскага, а таксама мая бабуля, якая родам з Магілёўшчыны).

    Габлянуць — ударыць вельмі моцна і рэзка.

    ГІндзіцца — рабіцца слабым.

    ГладУн — сыты чалавек.

    Глэм — грук, бразь.

    Гупаць — глуха кашляць.

    Даспірацца — заслужыцьпакарання.

    Жаўляк — зжаўцелыагурок.

    Занічогаць — занядужаць.

    Абсміхіч — чалавек, якіабсмейваеіншых.

    Адзежына — вопратка (але ў адзіночным значэнні).

    Адчыкрыжыць — зрабіць штосьці, што ўсіх здзівіць.

    Беразак — бярозавы лес.

    Вірлаты — лапаты.

    Адлецілася — нагрэлася.

    Атопак — малы ростам.

    Рэзвіны — прылада для носкі сена і саломы.

    КалупАнікі — дробненькіябаравічкі, якіявыкалупліваюць з моху, з-пад ігліцы.

    Картаплянішча — поле, дзераслабульба.

    Лаўчак — лаўкач.

    ХаўрусавАць — сябраваць.

    У гаворках  Віцебскай вобласці, як мне падалося, ёсць нешта агульнае з рускай мовай, магчыма таму, што тэрытарыяльна бліжэй размешчана да Расіі. Дарэчы, нават менталітэт людзей адрозніваецца. Калі вы прытрымліваецеся стэрэатыпу, што беларусы — гэта людзі памяркоўныя, разважныя, ціхія, то жыхары Віцебшчыны могуць падацца вам зусім не беларусамі: больш рашучыя, бескампрамісныя; але, на самой справе, ўсё гэта мы — беларусы, усё тыя ж гасцінныя, простыя і сумленныя людзі. Такім чынам, прывожу вам слоўнік, атрымаўся, можа, крыху меньшы ў параўнанні з іншымі абласцямі, але сваёй цікавасцю ён не саступае.

    Звіх — вывіх.

    Абеддзе — поўдзень.

    Буцян — бусел.

    Атраха — вельмігразнычалавек.

    Кулёк — куртка.

    Ліпаўка — бочка, дзехавалі ежу.

    Поцераб — расчышчаная паляна.

    Драпакаваць — апрацоўвацьглебудрапаком.

    Прылабуньвацца — прытуляцца да каго-небудзь, да чаго-небудзь.

    Пярэсты — назвамасці: з вялікімі белымі і чорнымі, белымі ічырвонымі цібурыміплямамі.

    Саннік — майстаррабіць сани.

    ДЫхавіца — верхняя, падрэберная частка жывата.

    Яловец— ядловец.

    І, канешне, — гаворкі Мінскай вобласці. Мяркую, увабралі ў сябе патрошкі з кожнай групы гаворак, але ад гэтага не сталі прасцейшымі і адназначнымі, а толькі наадварот.

    Адвудзіць— адлупцаваць.

    АсОбенна— асобна.

    Буцвець— трухлець.

    Зважыць— дараваць каму-небудзь.

    Улея— лівень.

    Аблівака— галалёд.

    Водліж— адліга.

    Шашок — тхор.

    Яздун— ласка.

    Верабок— рабчык.

    Кроўнік— чыстацел.

    Пад’ёмкі— суніцы.

    Вусач— ячмень.

    Бадзюк— асот.

    Саладуха— хлебны квас.

    Дзярбонік— блін з дранай бульбы.

    Калдобікі — піражкі бульбяныя з мясной начынкай.

    Калатушка —зацірка.

    Злівачкі— смятана.

    Пошумка— навалачка.

    Сугайла— нервовы, неспакойны.

    Тумарнік— маўклівы.

    Лалэй — чалавек з тоўстымі вуснамі.

    Лабідуза — гультай.

    Дзіркі — калючы.

    Додніца — досвітак.

    Тофель — таполя.

    Усягды — заўсёды.

    Плітаваць — бегчы.

    Нягледзячы на тое, што на тэрыторыі Беларусі існуе шмат гаворак, цэласнасць і адзінства нацыянальнай мовы дыялекты не парушаюць. Мяркую таму, што агульнага ў гаворках усё ж болей, чым прыватнага. Ды і ўжываецца дыялектная мова пераважна ў гутарцы: для мастацкіх твораў, а таксама юрыдычных, афіцыйна-справавых дакументаў дапушчальна толькі сучасная беларуская літаратурная мова.

    Лічу, культура чалавека выражаецца ў тым, як ён гаворыць. Яшчэ Францішак Багушэвіч пісаў: «Мова – адзежа душы чалавека», таму наша маўленне часам гаворыць пра нас значна болей, чым мы самі.  Выкарыстанне ў літаратурнай мове дыялектных форм слоў, дыялектнай ацэнкі адмоўна характарызуюць чалавека, паказваюць яго невыхаванасць і неадукаванасць. Каб не апынуцца ў няёмкім становішчы, жадаю вам ведаць дыялектныя каларытныя слоўцы, але карыстацца толькі беларускай літаратурнай мовай, замацаванай правіламі.   

    Поспехаў!

    Апублікавана ў Вытокі

    Падзяліцца Апублікаваць
Каментары:
  • Вашае імя:
  • Загаловак:
  • Тэкст паведамлення:
  • Валер Дранчук

    01 красавіка 2015

    Адзежа душы

    "Выкарыстанне ў літаратурнай мове дыялектных форм слоў, дыялектнай ацэнкі адмоўна характарызуюць чалавека, паказваюць яго невыхаванасць і неадукаванасць. Каб не апынуцца ў няёмкім становішчы..." і гд.

    Вельмі смела і ве-е-ельмі спрэчна!

    Калі я скажу з лагоднай усмешкай маёй сяброўцы ці сябру "Не прылабуньвайся..." або рабчыка назаву "верабок", нарэшце, калі запрашу аўтара пакаштаваць маёй уласна прыгатаванай "калатушкі" ці напечаных "калдобікаў", -- я абавязкова апынуся ў няёмкім становішчы??? Падаецца, гэта зусім не так, прабачайце. А матэрыял цікавы, дзякуй.

  • Падпішыся на навіны УсеБеларусы:

    Скасаваць падпіску

    Падпісацца

Самае папулярнае

© 2011 УсеБеларусы — створаны для нас і пра нас

Iдэя i распрацоўка SATIO\БРЭНД ГОДА

Капіяванне матэрыялаў толькi з пісьмовага дазволу

УНП 190438641

Разработка сайта —