• 20 лютага 2015 Жанна Гурына

    Мова маёй душы

     Родная мова…Беларуская мова…Так і хочацца яе параўнаць з зоркай, якую толькі нядаўна мы прыгледзілі на небасхіле… мы бачылі яе і раней, бачылі, алеяк быццам незаўважалі. Чаму? Напэўна таму, што прывыклі, і святло яе прымалі як належнае, якое заўсёды было і заўсёды будзе. Але ці так гэта?


     

     Беларуская мова — гэта вялікі скарб, са сваёй складанай і цікавай гісторыяй, а вось як мы яго захаваем, пранясём праз гады — гэта залежыць і ад нас таксама.

    Кожны год у нашай краіне пытанне аб захаванні роднай мовы набывае ўсё больш сур’ёзны і востры характар. Думаецца, што сённяне засталося ніводнага нашага суайчынніка,якога б гэта не хвалявала.І невыпадкова, таму што мова — гэта багацце народа, яго скарб.

    Пра беларусаў і беларускую мову мы гутарым з кандыдатам філалагічных навук, дацэнтам кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання, дэканамфакультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэтаГаннай Іванаўнай Басавай. Ганна Іванаўна, як мне здаецца, з’яўляецца яркім прыкладам чалавека, для якога гаварыць на роднай мове, — гэта значыць гаварыць на мове сваёй душы, пачуццяў.

    Як вы лічыце, хто на сёння ёсць беларусы, і чым яны адрозніваюцца ад сваіх папярэднікаў?

    Перш за ўсё, адрозніваюцца пэўнымі стэрэатыпамі, якія былі пра нас раней і якія існуюць сёння. Так, беларуса звычайна суадносяць з чалавекам талерантным, рахманым, разважным. Ці так гэта? Безумоўна, нешта засталося нязменным: мы ўсе такія ж часам нерашучыя, але разам з тым набылі пэўную адкрытасць і актыўнасць у зносінах. Зараз беларусы не такія замкнёныя — больш камунікабельныя. І гэта выдатна. Дарэчы, сёння ў свеце ўсё больш цікавяцца і вывучаюць малыя мовы, малыя народы і іх культуру, бо вялікія — ведаюць многія, яны запаланяюць сваёй вялікасцю, і тым самым становяцца менш цікавымі. А малыя мовы, да іх адносіцца і беларуская, нясуць у сабе адметныя, індывідуальныя рысы свайго народа і яго культуры.

    Што патрэбна рабіць, каб нашы суайчыннікі  не толькі ўсведамлялі сваю прыналежнасць да беларускага народа, але і думалі па-беларуску? 

    Патрэбна, каб беларуская мова заўсёды гучала, але не пад прымусам, а таму, што гэтага просіць душа. І гучала з пачуццём павагі, годнасці і любові да сваёй роднай мовы, сваёй Бацькаўшчыны, народа і яго культуры. А яшчэ патрэбна шмат чытаць па-беларуску, вучыць вершы і гаварыць па-беларуску. І галоўнае — не баяцца, што хтосьці не так на цябе паглядзіць, штосьці скажа, а пачаць з сябе, пачаць з пачуццяў. Я, напрыклад, ведаю і іншыя мовы, але пры гэтым заўсёды гавару па-беларуску — гэта маё жыццё, мая сутнасць.

    Як вы ставіцеся да меркавання, што ў наш час усё больш узрастае пагроза страціць сваю мову і, як вынік, страціць саміх сябе? 

    Безумоўна, што без мовы не можа існаваць народ, яго культура — гэта агульнавядомы факт. Так, калі вы прыязджаеце ў іншую краіну, у вас абавязкова спытаюць пра дзве рэчы, а менавіта, адкуль вы і на якой мове размаўляеце. І што мы адкажам на такое запытанне?.. Таму нельга дапусціць, каб мова наша была згублена: хто мы ў такім разе будзем?.. Таму неабходна шмат працаваць над тым, каб захаваць мову-стрыжань, на які нанізваюцца ўсе астатнія каштоўнасці народа, нашага беларускага народа.

    Якія парады альбо настаўленні, звязаныя з пытаннем роднай мовы, вы маглі б даць нашым нашчадкам? 

    Не баяцца размаўляць на роднай мове і ні ў якім выпадку не саромецца гэтага. Галоўнае — пачуванне сябе як асобы ў гэтым свеце, таму важна не хлусіць сабе самому, рабіць усё так, як ты гэта адчуваеш. Хочаш размаўляць па-беларуску — калі ласка, але трымайся пры гэтым годна, упэўнена, заўсёды памятай, кім з’яўляешся.

    На прыканцы, хацелася б нагадаць словы з верша Ніла Гілевіча: «Страцiў слова, страцiў спадчыннае слова — штосьцiстрацiў у душы абавязкова!»

    Дык давайце ж мы не будзем спусташаць душу нашага народа — мову, а наадварот, аднаўляць, узбагачаць яе будзем. Няхай душа народа сальецца з душой кожнага беларуса — і тады мілагучнасць мовы нашай зашалясціць лісцем вясновым, напеўнасць яе загучыць у кожным доме песней вясёлай, а кожная вуліца нашых гарадоў і вёсак будзе прасякнута выпяшчанай і ўскалыханай, як малое дзіця, сапраўднай матчынай любоўю… любоўюда спадчыннага слова!

    Апублікавана ў Вытокі

    Падзяліцца Апублікаваць
Каментары:
  • Вашае імя:
  • Загаловак:
  • Тэкст паведамлення:
  • Падпішыся на навіны УсеБеларусы:

    Скасаваць падпіску

    Падпісацца

Самае папулярнае

© 2011 УсеБеларусы — створаны для нас і пра нас

Iдэя i распрацоўка SATIO\БРЭНД ГОДА

Капіяванне матэрыялаў толькi з пісьмовага дазволу

УНП 190438641

Разработка сайта —